Да Дня роднай мовы
18 і 19 лютага ў гімназіі праводзіліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага па ўсім свеце. На ўваходзе ў гімназію вучняў і настаўнікаў сустракалі прапановай перакласці беларускае слова і атрымаць цукерку ўзамен. Былі праведзены гульні “Пакаштуй мову”, "Моцнае звяно" і "Размаўляем па-беларуску".
Настаўнікі гімназіі на сваіх ўроках прысвяцілі час чытанню беларускіх вершаў, паказу прэзентацый, прысвечаных беларускай мове, рашалі задачы на беларускай мове, чыталі па-беларуску Шэкспіра.
Сярод 5-х класаў быў праведзены конкурс малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў. У 10 “А” класе была праведзена інтэлектуальная гульня “Ведай мову сваю, беларус!”.
Увесь дзень у гімназіі былі спецыяльна запрошаныя госці - беларускія міфічныя персанажы Ваструха і Лясун. Кожны мог зрабіць з імі фотаздымак і паўдзельнічаць у конкурсе на лепшае сэлфі.
Ваструха і Лясун прывялі з сабой сяброў, якія расказалі вучням гімназіі пра Дзень роднай мовы і заклікалі ўсіх вучыць, шанаваць і любіць родную мову.
Лёсу майго кірунак,
Долі маёй выснова,
Як паратунак, -
Матчына слова,
Бацькава слова,
Роднае вечнае слова.